Місія ў Беларусь (Прэзідэнцкія выбары’2010)

19 снежня 2010 году ўдзельнікі праекта "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" назіралі за ходам выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад місіі увайшлі студэнты ЕГУ і прадстаўнікі беларускага трэцяга сектара, усяго ад праекту назірала 94 чалавекі. Удзельнікі місіі праекта сачылі за ходам галасавання ў дзень выбараў, а таксама, ў некаторых выпадках, у перыяд датэрміновага галасавання на 31 участку горада Мінска і на 24 выбарчых участках у Гродна, Віцебску, Маладзечна, Наваградку, Полацку, Лідзе, Бярозаўцы, Смаргоні, Мар’інай Горке і Барысаве.

Непасрэдна ў дзень галасавання прадстаўнікі місіі назіралі адкрыццё выбарчых участкаў, працу выбарчых камісій на працягу дня, ход галасавання па месцы знаходжання выбарцаў, а таксама працэдуру падліку галасоў і абвяшчэнне вынікаў галасавання. Трэба адзначыць, што на кожным з этапаў былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні, аднак самым складаным з іх быў падлік галасоў: ён прайшоў з парушэннямі амаль на ўсіх участках, дзе прысутнічалі назіральнікі ад праекту.

Многія з удзельнікаў адзначылі факты чынення перашкодаў пры ажыццяўленні назірання з боку чальцоў выбарчых камісій і назіральнікаў ад лаяльных да ўлады грамадскіх аб'яднанняў. У прыватнасці, нягледзячы на тое, што ўсе ўдзельнікі місіі былі афіцыйна зарэгістраваныя ў якасці назіральнікаў, рэалізаваць свае правы ў поўным аб'ёме шмат хто з іх не здолеў.

Таму, нягледзячы на агульныя паляпшэнні ў арганізацыі і правядзенні асноўнага дня галасавання, удзельнікі праекта "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" адзначаюць шматлікія працэдурныя парушэнні падчас падліку галасоў на выбарчых участках, а таксама ў аспектах, звязаных з доступам да назірання, што ставіць пад сумнеў атрыманыя вынікі выбараў.

Місія па назіранню ў Беларусі была арганізавана ў межах праекта "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка", які рэалізуецца ў партнёрстве трыма арганізацыямі: Belarus Watch (Літва), Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэтам (ЕГУ, Літва) і Беларускім Домам правоў чалавека (Літва). Арганізацыя і правядзенне назірання ажыццяўлялася ў супрацоўніцтве з кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары", а таксама рухам "За свабоду".



.