Місія ў Нарвегію (мясцовыя выбары'2007)

Місія па назіранні за муніцыпальна-рэгіянальнымі выбарамі ў Нарвегіі 10 верасня 2007 г. сталася першай - пілотнай - у рамах праекту. Ладзіў яе Silc (Swedish international liberal centre) з дапамогай студэнтаў ЕГУ і Каралеўскай Амбасады Нарвегіі ў Вільні.  

Прайшоўшы папярэдні тэарэтычны курс, удзельнікі набраліся ведаў аб выбарчых працэдурах і іншых асаблівасцях працэсу назірання.

У дзень галасавання 19 беларускіх маладзёнаў наведалі 45 выбарчых участкаў у Бергене, Осле, Вердалі і Тромсё, а таксама ў ваколіцах гэтых гарадоў.

У місіі таксама ўзялі ўдзел 3 прадстаўнікі Швецыі.

У Нарвегіі, акром самога назірання, прайшлі сустрэчы з палітычна актыўнай моладдзю і з мясцовымі палітыкамі. Цікавасць уяўляла і магчымасць азнаёміцца з хадой перадвыбарнай кампаніі.

Прысутнасць міжнародных назіральнікаў шмат каго ў Нарвегіі здзівіла, таму на групу звярнулі ўвагу і СМІ - пра гасцей-назіральнікаў з Беларусі напісалі некаторыя газеты.

Па выніках місіі група распрацавала рэкамендацыйную справаздачу, якой папярэднічала немалая дыскусія. Найгарачэй абмяркоўвалася пытанне вяртання да сістэмы канвертаў, якая раней ужо выкарыстоўвалася ў Нарвегіі падчас выбараў. А акурат напярэдадні выбараў гэтая сістэма, якая патрабавала укладання кожнага бюлетэня ў канверт, была скасаваная. Гэтая змена стварыла мноства непаразуменняў, якія прывялі да таго, што шмат хто з выбаршчыкаў заблытваўся, забываўся перагнуць бюлетэнь - і яго волевыяўленне страчвала таемнасць.

Па матэрыялах справаздачы Міністэрства замежных спраў Нарвегіі правяло канферэнцыю для азнаямлення з рэкамендацыямі групы.

Станоўчыя рэакцыі з боку ўдзельнікаў натхнілі арганізатараў на тое, каб працягваць дзейнасць у рамах праекту. Цяпер над праектам супольна працуюць ажно чатыры арганізацыі - іх лагатыпы змешчаныя на правым баку старонкі.



.