2013 Місія ў Чарнагорыю (Прэзідэнцкія выбары)

Група кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў, акрэдытаваных ад няўрадавай арганізацыі Belarus Watch, прадставіла папярэднія вынікі назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Чарнагорыі 7 красавіка 2013 года. Назіральнікі наведалі 140 выбарчых участкаў па ўсёй краіне. Правядзенне выбараў у дзень галасавання атрымала станоўчую адзнаку, нягледзячы на нязначныя адхіленні ад выбарчага заканадаўства. У прыватнасці, невыразнай засталася роля прадстаўнікоў кандыдатаў у прэзідэнты на выбарчых участках. Перасцярогі выклікалі факты размоваў чальцоў выбарчых камісій па мабільных тэлефонах, што забаронена заканадаўствам, а таксама хібы ў выкарыстанні адмысловых прыстасаванняў для фізічнай праверкі таго, ці прагаласаваў выбаршчык.

«Нягледзячы на пэўныя адхіленні ад заканадаўства, выбары былі арганізаваныя прафесійна, у адпаведнасці з міжнароднымі і нацыянальнымі стандартамі», — гаворыцца ў афіцыйнай справаздачы місіі.

У справаздачы гаворыцца, што дзень галасавання ў Чарнагорыі праходзіў спакойна, без надзвычайных падзей. Беларускія назіральнікі, якія наведалі кожны дзясяты выбарчы ўчастак краіны, адзначаюць высокі ўзровень арганізацыі працэсу галасавання, а таксама культуру выбаршчыкаў. Агулам, сябры выбарчых камісій добра ставіліся да назіральнікаў. Яны мелі неабходны досвед і былі гатовыя прадставіць вычарпальную інфармацыю як назіральнікам, гэтак і выбаршчыкам. Правядзенне галасавання ў большасці выпадкаў ацэньваецца як добрае або вельмі добрае; падзел працы паміж сябрамі камісій забяспечваў яснае ажыццяўленне рэгістрацыі і галасавання.

Прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты прысутнічалі на кожным выбарчым участку ў якасці ўпаўнаважаных прадстаўнікоў, сяброў камісіі і назіральнікаў. Аднак на справе не было выразнага адрознення паміж ролямі ўпаўнаважанага прадстаўніка, назіральніка і сябра камісіі, паколькі іх функцыі на выбарчым участку накладаліся адна на адну. У некаторых выпадках пералічаныя асобы вельмі актыўна дапамагалі ў працы камісіі. Напрыклад, у іх быў доступ да спісу выбаршчыкаў.

Спецыяльныя адрыўныя купоны ў бюлетэнях служылі дадатковай гарантыяй захавання прынцыпу таямніцы галасавання. Яны забяспечвалі, што бюлетэні кідаліся ў скрыню, а не выносіліся з участку.

Распыленне адмысловага спрэю на палец выбаршчыкаў, як пазнака факту галасавання, прадухіляла спробы прагаласаваць некалькі разоў. Тым не менш, былі выпадкі, калі пальцы не правяраліся альбо спрэй не распыляўся пасля выдачы бюлетэня. Часам лямпы для праверкі былі выключаныя.

Кабінкі для галасавання былі размешчаныя недалёка ад сталоў выбарчай камісіі і былі закрытыя толькі з трох бакоў. Гэта магло паўплываць на забеспячэнне прынцыпу таямніцы галасавання. Нягледзячы на тое, што рэдка можна было ўбачыць, якім чынам прагаласаваў чалавек, такія пазіцыі кабінак і камісіі магло выклікаць у выбаршчыкаў псіхалагічны дыскамфорт.

На многіх выбарчых участках чальцы камісій карысталіся мабільнымі тэлефонамі падчас галасавання і падліку галасоў, што не адпавядае выбарчаму заканадаўству.

Падлік галасоў быў праведзены прафесійна, зразумела і адкрыта, такім чынам, што кожны прысутны меў магчымасць спраўдзіць вынікі.

Місія Belarus Watch, у якую ўваходзілі 29 прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, была найбуйнейшай групай міжнародных назіральнікаў на гэты выбарах. Поўная справаздача місіі будзе падрыхтаваная неўзабаве.

Місія была арганізаваная ў межах міжнароднага праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЕГУ і Беларускім домам правоў чалавека ў Вільні. Папярэднія місіі праекту ладзіліся ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін, а таксама ў Беларусі.

Прэс-рэліз па выніках кароткатэрміновага назірання ў Чарнагорыі



.