Анастасія Матчанка: Кожны можа стаць назіральнікам на выбарах

Кіраўніца праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» распавядае Еўрапейскаму радыё для Беларусі, як стаць назіральнікам на выбарах і ці складаная гэта праца.

Анастасія Матчанка: Наш праект рыхтуе маладых людзей для назірання ў Беларусі. Мы робім гэта рознымі спосабамі: ладзім міжнародныя місіі па назіранні ў еўрапейскія краіны, праводзім трэнінгі, зараз вядзем запіс у назіральнікі. Наша мэта — прыцягнуць да назірання ў Беларусі як мага больш людзей, паказаць ім, як праходзяць выбары ў Беларусі.

Еўрарадыё: Якім чынам ваш праект будзе заахвочваць менавіта моладзь да назірання за выбарамі?

Анастасія Матчанка: Гэта рэклама і ў сацыяльных сетках, і на нашым сайце. У нас ужо ёсць суполка ўдзельнікаў праекту, якія гатовыя распаўсюджваць веды, атрыманыя падчас трэнінгаў. Мы будзем рабіць таксама інфармацыйныя матэрыялы, каб людзі ведалі, якім чынам можна зарэгістравацца назіральнікам, што назіральнік павінен рабіць на ўчастку, куды паведамляць пра свае вынікі, як прыцягваць больш людзей да назірання, як распаўсюджваць інфармацыю пра свае асабістыя вынікі назірання.

Еўрарадыё: Ці вы неяк тлумачыце, навошта трэба назіраць за выбарамі? Або ў ваш праект прыходзяць ужо свядомыя людзі, якія разумеюць сітуацыю?

Анастасія Матчанка: Удзельнікі нашага праекту — розныя людзі. Многія з іх ужо мелі досвед назірання ў Беларусі і іншых краінах. Але многія нічога не ведаюць, пра праект даведаліся ад сяброў і хацелі б паспрабаваць. Многія пачалі цікавіцца тэмай, з’ездзіўшы з назіральніцкай місіяй у якую-небудзь краіну. Мне падаецца таксама, што моладзі варта распавядаць, чаму назіранне — гэта важна. І мне хацелася б, каб не толькі моладзь была ўцягнутая ў назіранне, а грамадства ў шырокім сэнсе слова, каб усе разумелі, навошта гэта робіцца.

Еўрарадыё: Ці шмат людзей ужо зацікавілася вашым праектам, ці шмат падрыхтавана назіральнікаў?

Анастасія Матчанка: Тыя людзі, якія ўжо сказалі, што гатовыя назіраць за парламенцкімі выбарамі, — такіх мы маем зараз каля 60 чалавек. Але да выбараў яшчэ шмат часу, і, мне падаецца, будзе яшчэ больш зацікаўленых людзей. Увогуле ў Беларусі кожны чалавек можа зарэгістравацца самастойна ў якасці назіральніка. Для гэтага трэба сабраць 10 подпісаў людзей, якія жывуць на ўчастку, дзе ты прапісаны, і аднесці гэтыя подпісы да старшыні мясцовай выбарчай камісіі. Такім чынам, тэарэтычна кожны можа быць назіральнікам.

Еўрарадыё: А наколькі складана ўвогуле быць назіральнікам?

Анастасія Матчанка: Назіранне за выбарамі — цяжкая праца, якую немагчыма выканаць, выдзяляючы дзве гадзіны на дзень. Гэта даволі цяжка, але гэта і цікава таксама. Калі ты прачытаеш усе дакументы — Выбарчы кодэкс, пастановы ЦВК, то ў прынцыпе назіранне становіцца вельмі цікавым, бо ты ведаеш, на што трэба глядзець, што заўважаць, што і як павінна адбывацца. Калі да назіральніцкай працы адпаведным чынам падрыхтавацца, то можна прасачыць, як і што адбываецца, куды і як ідуць вынікі і як урэшце рэшт яны складаюцца ў лічбу, якую мы бачым напрыканцы.

Еўрарадыё: Ваш праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» распачаўся ў 2007 годзе. Зараз вы агітуеце назіральнікаў на парламенцкія выбары. Ці плануеце вы працягваць гэтую працу і на прэзідэнцкіх выбарах?

Анастасія Матчанка: Так, мы плануем сачыць за ўсімі выбарамі, якія будуць праходзіць ў Беларусі, таму што наша галоўная мэта — у прынцыпе назіраць за ўсімі выбарамі, што адбываюцца ў нашай краіне. У 2010 годзе мы таксама назіралі за выбарамі — у нас было каля 100 назіральнікаў, яны былі падзеленыя на групы і прысутнічалі на розных участках па Беларусі. То бок за аднымі прэзідэнцкімі выбарамі мы ўжо назіралі, і я спадзяюся, што гэтая тэндэнцыя працягнецца.

Усё пра выбары ў Беларусі



.